Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар”
а/с 54, Гародня, 230009,
тэл./факс (0-152) 96-74-78,
e-mail: sektar@iname.com
www: sektar.cjb.net
24.03.2004 г.
“Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны” зьяўляецца дадаткам да часапісу “Трэці сэктар”.
Дадатак дасылаецца па сьпісах рассылкі інфармацыі для НГА Беларусі.
У “Кроніцы” выкарыстоўваецца інфармацыя ўласных карэспандэнтаў “ТС”, а таксама інфармацыя з гарадзенскіх СМІ і іншых даступных нам крыніц інфармацыі.
Пры выкарыстаньні нашай інфармацыі спасылка на “Кроніку” і яе карэспандэнтаў абавязковая.
Калі Вы ня маеце ахвоты атрымліваць надалей “Кроніку” – напішэце нам на адрас: sektar@iname.com
Выдадзена ў межах праекту “Партнэрства праз дыялёг: разьвіцьцё ў мясцовых супольнасьцях грамадзянскага ўдзелу і сацыяльнага партнэрства ў Беларусі” (ГАГА маладых навукоўцаў “ВІТ”; ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар”; арганізацыя “Нямецка-расейскі абмен” (DRA), Бэрлін, Нямеччына).
***
Абвесткі
Міжнародны сэмінар па пытаньнях СМІ і тэлевізіі
Мэта сэмінару – даць магчымасьць прадстаўнікам улады і грамадзкім лідэрам лепш зразумець дынаміку разьвіцьця СМІ.
Дата правядзеньня – 26-29 красавіка 2004 году. Заяўкі прымаюцца да 31 сакавіка 2004 году.
Месца правядзеньня – Жэнэва (Швайцарыя).
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па адрасу:
Moncef M. Bouhafa, Director Center for Development Communication
e-mail: IEMTW@cendevcom.org, mbouhafa@cendevcom.org
http://www.cendevcom.org/
Падрыхтаваў Валера Руселік
паводле GOMEL HART NEWS
Дайце мне «зялёных»!
Фонд Барбары Дэлана падтрымае праекты, скіраваныя на барацьбу з браканьерамі і іншыя важныя праграмы аховы навакольнага асяродзьдзя.
Памер гранта – ад 1000 да 250000 даляраў ЗША.
Прыярытэт у час разгляду атрымаюць заяўкі, дасланыя з краін Усходняй Эўропы.
Асноўныя кірункі будучых праектаў:
- выяўленьне, кантроль і скарачэньне браканьерства і гандлю рэдкімі відамі жывёл і расьлін;
- зьніжэньне попыту на рэдкія віды жывёл і расьлін праз адукацыйную дзейнасьць і распрацоўку рэформаў;
- прыцягненьне людзей да абароны дзікай прыроды;
- набыцьцё зямлі для стварэньня запаведнікаў.
Заяўкі прымаюцца да 1 кастрычніка па адрасу:
Barbara Delano Foundation
450 Pacific Avenue
Suite 201 San Francisco
CA 94133 USA
Падрыхтаваў Зьміцер Кузьміцкі
Дзеля ўласнага росту
Беларускія грамадзкія арганізацыі і актывісты, якія працуюць у галіне правоў чалавека, маюць магчымасьць атрымаць грант на прафэсійнае разьвіцьцё і абмен.
Падтрымліваюцца:
- адукацыя на месцы;
- стажыроўкі;
- дасьледчая вандроўка.
Заяўкі прымаюцца да 30 красавіка, 31 жніўня і 31 сьнежня 2004 году. Памер гранту – 1000-7000 даляраў ЗША.
Дадатковая інфармацыя па адрасе: http://www.iie.org/ihrip.
Падрыхтаваў Валера Руселік
паводле GOMEL HART NEWS
Спабор для літаратурных крытыкаў
Сэкцыя крытыкi i лiтаратуразнаўства Саюзу пісьменьнікаў Беларусі абвясьціла спабор на найлепшы твор у галiне лiтаратурнай крытыкi.
Да ўдзелу ў спаборы прымаюцца непублiкаваныя дагэтуль творы ў наступных жанравых намiнацыях:
- аналiтычна-аглядны артыкул (аб’ём – да 20 друкаваных старонак);
- лiтаратурны партрэт (аб’ём – да 15 друкаваных старонак);
- рэцэнзiя (аб’ём – да 7 друкаваных старонак).
Матэрыялы прымаюцца ў двох экзэмплярах толькi ў друкаваным выглядзе (фармат А4, прыкладная колькасць знакаў на старонцы – 1600) да 31 траўня 2004 году.
Адрас:
вул. Фрунзе, 5-203
220034 Менск
тэл.: (017) 236-03-48.
Паводле вынiкаў спабору мяркуецца правядзеньне навукова-творчай канфэрэнцыi й выданьне зборнiка найлепшых твораў.
Падрыхтаваў Валера Руселік
паводле GOMEL HART NEWS
***
Мае быць…
------------ Заўтра – Дзень Волі! ------------
***
Падзеі
Моладзь выдае новую газэтку
На мінулым тыдні ўбачыла сьвет новая маладзёвая газэтка “Tin-Zin”. Тэхнічную дапамогу рэдакцыі выданьня прадставіла нядаўна зьліквідаваная гарадзенская “Маладая Грамада”.
Будучы “штат” газэты пазнаёміўся ў мінулым годзе ў летніку на Аўгустоўскім канале, арганізаваным "Маладой Грамадой” і незалежнымі прафзьвязамі. Падлеткі дамовіліся не губляцца й пасьля адпачынку. Паўгады яны сустракаліся кожную сераду, наведвалі адукацыйныя заняткі па правох чалавека. І толькі потым узьнікла ідэя з газэтай. Быў арганізаваны двохдзённы сэмінар з удзелам прафэсійных журналістаў. Атрымаўшы патрэбныя веды, моладзь пачала рыхтаваць першы нумар уласнага выданьня.
Як адзначыла адмыслова для “Кронікі ” галоўная рэдактарка “Tin-Zin” Ліза Мярляк, у маладых журналістаў неверагодна моцны імпэт, таму ў пачатку красавіка варта чакаць другога нумару газэткі.
Зьміцер Кузьміцкі
“День” рабавалі?
Увечары 18 сакавіка падчас спробы ўзлому памяшканьня Гарадзенскага прадстаўніцтва газэты “День” міліцыяй былі затрыманы два невядомыя. Як цьвердзяць злачынцы, яны… папросту памыліліся адрасам.
Затрыманыя назваліся беспрацоўнымі Аляксандрам Вашкевічам і Віктарам Макаравым. Галоўны рэдактар “Дня” Мікола Маркевіч у адным зь іх пазнаў супрацоўніка УКДБ па Гарадзенскай вобласьці.
На наступны дзень журналісты газэты накіравалі на ймя начальніка УКДБ па Гарадзенскай вобласці запыт з просьбай паведаміць, ці працуюць (альбо працавалі) у іх згаданыя вышэй асобы. Акрамя гэтага, журналісты просяць афіцыйна паведаміць, ці праводзіла УКДБ апэратыўна-сьледчыя мерапрыемствы ў дачыненьні да Маркевіча.
Дарэчы, затрыманыя ў хуткім часе… зьніклі. Паводле словаў дзяжурнага па Ленiнскаму РАУС Гародні, у ізалятары часовага утрыманьня іх няма. Гэты факт міліцыянты адмаўляюцца камэнтаваць.
Зьміцер Кузьміцкі
паводле інфармацыі прэсс-службы БАЖ
Сьвята праз забароны
21 сакавіка з афіцыйнага дазволу мясцовых уладаў Слонімкая арганізацыя БНФ “Адраджэньне” правяла мітынг, прысьвечаны сьвяткаваньню чарговых угодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Аднак перад пачаткам мерапрыемства да арганізатараў падышоў начальнік слонімскай міліцыі і абвесціў, што мітынг несанкцыянаваны, і калі ён будзе праводзіцца, то арганізатараў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Нягледзячы на прад’яўленьне арганізатарамі пісьмовага дазволу начальніку міліцыі, апошні заявіў, што выканкам паўторна разгледзеў заяву і адмовіў у правядзеньні мітынгу. Аднак аніякіх дакумэнтаў у якасьці пацьвярджэньня ў яго не было.
Нягледзячы на запалохваньні, мітынг усё-ткі адбыўся. Удзел у ім узялі блізу 50 чалавек. У сваіх прамовах выступоўцы закраналі розныя сацыяльньна-эканамічныя і палітычныя праблемы Слонімскага рэгіёну і ўсёй краіны. Напрыканцы мерапрыемства была прынятая рэзалюцыя, за якую прагаласавала большасць прысутных.
Пасьля мітынгу частка яго ўдзельнікаў выправілася ў вёску Парэчча. Там людзі ўсклалі кветкі да памятнака знака, прысьвечанага беларускага патрыёта-паўстанца Міхала Валовіча (1806 – 1833гг.) і яго паплечнікаў.
Алесь Масюк
Лідзкія юбіляры
21 сакавіка ў лідзкім Палацы культуры сябры мясцовага Рэгіянальнага мэмарыльна-культурнага грамадзкага аб’яднаньня адзначылі 10-годзьдзе ад моманту заснаваньня арганізацыі.
На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі лідтамтэйшых НГА, а таксама намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкаму Антон Глаўніцкі.
Сваімі выступамі пацешылі прысутных народны ансамбль “Шалом”, які займаецца пры арганізацыі, і іншыя мастацкія калектывы Лідчыны.
Як адзначыла адмыслова для “Кронікі” старшыня аб'яднаньня спн. Ася Саўлкінай, за гады свайго існаваньня арганізацыя знайшла шмат сяброў і сярод ўладаў, і сярод трэцяга сэктару, а таксама зьвярнула ўвагу лідзкай грамадзкасьці на праблемы жыдоўскай грамады.
Рэгіянальнае мэмарыяльна-культурнае грамадзкае аб'яднаньне займаецца падтрымкай і дапамогай жыдом Лідчыны, найперш інвалідам і цяжка хворым. Таксама дзейнасьць скіраваная й на ўпарадкаваньне помнікаў Галякосту.
Зьміцер Кузьміцкі
Успаміны Супруна
У дзень народзінаў вядомага на Слонімшчыне гісторыка і грамадзкага дзеяча Васіля Супруна была выдадзеная яго кніга “Штрыхі з успамінаў”.
Пабачыла сьвет кніга, дзякуючы намаганьням мясцовага грамадзкага аб’яднаньня “Ветразь”. У ёй зьмешчаныя зьвесткі з жыцьця нацыянальнага руху і адраджэньня на Слонімшчыне ў савецкія часы.
Васіль Супрун – адна з найцікавейшых асобаў у гісторыі Слонімшчыны. Яшчэ ў 1946 годзе ён узначальваў антысавецкую арганізацыю супраціву “Чайка”. Таму ня дзіва, што пазьней давялося перажыць 9 гадоў сібірскіх лягероў і бясконцых зваротаў да ўладаў з просьбай аб рэабілітацыі.
Зьміцер Кузьміцкі
“Нёман-Інфарм”
навіны з эўрарэгіёну “Нёман”
Рыхтуецца новы Каталёг
Грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня) абвяшчае спабор анкет-заявак для ўдзелу ў Каталёгу праектаў/праграм НГА эўрарэгіёну “Нёман” па працы з моладзьдзю.
Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца грамадзкія аб’яднаньні Гарадзенскай вобласьці, якія маюць досьвед рэалізацыі праграм ці праектаў, накіраваных на моладзь.
Апошні тэрмін прыёму анкет – 31 сакавіка 2004 году. Запоўненыя анкеты-заяўкі трэба дасылаць на наступны адрас:
вул. Будзёнага, 48а-11
230004 Гародня
тэл./факс: (0152) 96-74-78
e-mail: trecisektar@yahoo.com.
Пажадана да анкеты-заяўкі прыкласьці дакумэнты і ілюстрацыі, якія больш поўна раскрываюць сутнасьць заяўленага праекту/праграмы.
Каталёг праектаў/праграм НГА эўрарэгіёну “Нёман” па працы з моладзьдзю зьяўляецца працягам праекту “Эўрарэгіён “Нёман – тое, што нас аб’ядноўвае”, які рэалізуецца грамадзкім аб’яднаньнем “Цэнтр “Трэці сектар” пры падтрымцы Эўрапейскага Фонду культуры.
У межах праекту 8-13 жніўня 2003 году ў г. Піянэрскі (Калінінградзкая вобласьць, РФ) быў праведзены І міжнародны маладзёвы летнік НГА эўрарэгіёну “Нёман” “ПоЛіБелКа”, удзел у якім узялі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў Бедарусі, Летувы, Польшчы й Расеі. Арганізатарамі летніку былі выступілі ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь), Віленскі зьвяз маладзёвых арганізацыяў “Круглы стол” (Вільня, Летува) і Калінінградзкая рэгіянальная маладзёвая грамадзкая арганізацыя “ЦУНАМІ” (Піянэрскі,
Калінінградзкая вобласьць РФ).
Дадатковую інфармацыю і анкету можна атрымаць, зьвярнуўшыся па тэл.: (0152) 96-74-78 (Валеры Руселік).
У далучаным файле – анкета-заява для ўдзелу ў спаборы.
Над выпускам працавалі Зьміцер Кузьміцкі й Валера Руселік.