Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар”
а/с 54, Гародня, 230009,
тэл./факс (0-152) 96-74-78,
e-mail: sektar@iname.com
www: sektar.cjb.net
02.03.2004 г.
“Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны” зьяўляецца дадаткам да часапісу “Трэці сэктар”.
Дадатак дасылаецца па сьпісах рассылкі інфармацыі для НГА Беларусі.
У “Кроніцы” выкарыстоўваецца інфармацыя ўласных карэспандэнтаў “ТС”, а таксама інфармацыя з гарадзенскіх СМІ і іншых даступных нам крыніц інфармацыі.
Пры выкарыстаньні нашай інфармацыі спасылка на “Кроніку” і яе карэспандэнтаў абавязковая.
Калі Вы ня маеце ахвоты атрымліваць надалей “Кроніку” – напішэце нам на адрас: sektar@iname.com
Выдадзена ў межах праекту “Партнэрства праз дыялёг: разьвіцьцё ў мясцовых супольнасьцях грамадзянскага ўдзелу і сацыяльнага партнэрства ў Беларусі” (ГАГА маладых навукоўцаў “ВІТ”; ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар”; арганізацыя “Нямецка-расейскі абмен” (DRA), Бэрлін, Нямеччына).
***
Абвесткі
Чакаем матэрыялаў у “ТС”!
Напісаць пра цікавыя справы сваёй арганізацыі, падзяліцца сваімі думкамі наконт важных падзеяў у жыцьці свайго места і сваёй краіны, прапанаваць супрацоўніцтва (у тым ліку й міжнароднае), даць абвестку могуць атрымальнікі “Кронікі” на старонках чарговага нумару часапіса “Трэці сэктар”, які ў хуткім часе ўбачыць сьвет. Гэтым разам нумар будзе прысьвечаны Асобам трэцяга сэктару Гарадзеншчыны.
Чакаем вашых допісаў!
Рэдакцыя
Спаборніцтва ў каханьні
РГА “Беларускі ПЭН-цэнтар” запрашае да ўдзелу ў спаборы на творы пра каханьне. Акцыя прысьвечаная 700-годзьдзю з дня нараджэньня Франчэска Пэтраркі.
Да ўдзелу запрашаюцца маладыя літаратары (16-22 гады на момант абвяшчэньня спабору). Ахвотнікі мусяць даслаць свае творы (вершы, апавяданьні, эсэ, п’есы, сцэнары, дзёньнікі і г.д.) на паштовы або электронны адрасы Беларускага ПЭН-цэнтру не пазьней за 15 сакавіка 2004 году.
Вынікі разгляду будуць вядомыя 25 сакавіка 2004 году. Ляўрэаты спабору будуць запрошаныя на літаратурны сэмінар і майстар-клясы, якія адбудзецца 29 красавіка – 2 траўня 2004 году ў Менску й дзе перад імі выступяць вядомыя пісьменьнікі, выкладнікі ВНУ, навукоўцы, сьпевакі.
Адрас Беларускага ПЭН-цэнтру:
а/с 218
220050 Менск
e-mail: pen@pen.unibel.by
тэл.: (017) 288-14-61.
Падрыхтаваў Валера Руселік
Запрашэньне да віктарыны
Беларуская Служба Радыё Палёнія ладзіць віктарыну з галіны польска-беларускіх дачыненьняў.
Штодзённа дзьве першыя асобы, якія правільна адкажуць на пытаньні, карыстаючыся тэлефоннай альбо электроннай сувязьзю, атрымаюць цікавыя прызы: CD, кнігі, аўдыёкасэты і інш.
Набірайце нумары: (у міжнародным фармаце) +375 29 6323335 ці +375 29 4091077, ды (у рэспубліканскім фармаце) 8-029-6323335 ці 8-029-4091077, – альбо пішэце на адрас bielarusk@radio.com.pl. Найбольш актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымаюць радыёпрыймачы.
Штодзённа шукайце пытаньне ў этэры Беларускай Службы Радыё Палонія альбо на сайце www.radio.com.pl/polonia ды выігрывайце цікавыя ўзнагароды.
паводле інфармацыйнай рассылкі GOMEL HART NEWS
Што такое ВКЛ?
Маладзёвае грамадзкае аб’яднаньне “Гісторыка” стварае новы культурна-турыстычны праект “ВКЛ = Беларусь + ...”.
Праект ствараецца ў партнэрстве зь Міжнароднай сярэднявечнай лігай і пры падтрымцы турыстычнай агенцыі “Альтус Плюс”.
Мэта праекту – адкрыць усім цікаўным вядомыя й невядомыя старонкі гісторыі блізкіх ды далёкіх ад нас земляў, якія маюць супольную зь землямі беларускімі гісторыю часоў Вялікага княства.
Абавязковая частка культурна-турыстычнага праекту “ВКЛ = Беларусь + ...” – знаёмства ўдзельнікаў праекту з унікальнымі гістарычнымі і культурнымі помнікамі. Таксама ўдзел возьмуць музыкі, сьпевакі, танцоры, гулёны і сучасныя рыцары.
Пра ўмовы ўдзелу ў праэкце можна дазнацца па тэл.: (0297) 55-31-86.
Падрыхтаваў Валера Руселік
паводле інфармацыйнай рассылкі РАДАmess
Новы спабор грантаў ад CAP
Прадстаўніцтва Каўнтэрпарт Iнтэрнэшнл у межах праграмы «Альянс Партнэрства Каўнтэрпарт» (САР) абвясьціла новы спабор грантаў.
Мэта спабору – падтрымка супрацоўніцтва некамэрцыйных, камэрцыйных арганiзацыяў i грамадзянаў ува ўзаемадзеяньні зь мясцовымі ворганамi кіраваньня й самакіраваньня па выяўленьні i разьвязаньні прыярытэтных пытаньняў мясцовай супольнасьці.
Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца зарэгістраваныя некамэрцыйныя беларускія НГА (за выняткам палітычных партыяў, прафзьвязаў і рэлігійных арганізацыяў). Дзейнасьць паводле праекту павінна адпавядаць Статуту арганізацыі.
Найбольшы памер гранту – 8000 даляраў ЗША. Унёсак заяўніка павінен складаць ня менш за 5% запрошваемай сумы. Сродкі гранту залічваюцца на банкаўскi рахунак заяўніка.
Тэрмін рэалізацыі праекту – 6 месяцаў.
Аплікацыйную форму можна атрымаць у офісе або на пляцоўцы CAP у Інтэрнэце. Запоўненыя заяўкі (тры асобнікі ў беларускай ці расейскай і адзін – у ангельскай мовах з дадаткам копіі пасьведчаньня аб рэгістрацыі, копii Статуту i рэзюмэ супрацоўнікаў праекту) прымаюцца да 18.00 16 сакавіка 2004 году па пошце ці прыносяцца асабіста ў офіс CAP. Дакумэнты, прадстаўленыя на спабор, заяўніку не вяртаюцца.
Дадатковую інфармацыю і кансультацыі можна атрымаць па тэл.: (017) 217-77-73, 217-77-74 (Аляксей Галанцоў, Аляксей Мельнікаў).
Адрас CAP:
вул. В.Харужай 22, офіс 1703
Менск
www.cap.iatp.by
Падрыхтаваў Зьміцер Кузьміцкі
Жанчын навучаць прадпрымальніцтва
ГА “Жаночы Незалежны Дэмакратычны Рух” (ЖНДР) плянуе зладзіць шэраг адукацыйных мерапрыемстваў для жанчын, якія зьбіраюцца альбо ўжо займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.
Акрамя сэмінараў і круглых сталоў будзе арганізаваная тэлефонная кансультацыя і праца над сайтам прадпрымальніц.
Мерапрыемствы адбудуцца ў межах праекту “Падтрымка жанчын- прадпрымальніц Беларусі-2004”.
Як паведаміла дырэктарка Жаночага адукацыйна-кансультатыўнага цэнтру (структура ЖНДР) Людміла Пеціна, зь лютага гэтага году арганізоўваецца бясплатная тэлефонная кансультацыя па пытаньнях фінансавага мэнэджмэнту і арганізацыйна-прававых аспэктах. Трапіць на “гарачую лінію” можна ў аўторак ці чацьвер з 16.00 да 19.00 і у суботу зь 10.00 да 13.00 гадзін па тэл.: (017) 272-20-98. Па гэтымсама нумары ладзіцца й папярэдні запіс.
Першыя сэмінары адбудуцца ў два этапы 5-6 і 27-28 сакавіка 2004 году па адрасу: пр-кт газэты “Праўда”, 11, Менск. Арганізатары кампэнсуюць транспартныя выдаткі і забясьпечваюць пражываньне іншагароднім удзельніцам. Анкеты на ўдзел трэба накіроўваць па факсу: (017) 272-20-98, – або на е-mail: wcdmb@user.unibel.by. Заяўкі на другі сэмінар прымаюцца да 20 сакавіка 2004 году.
Наступны сэмінар для прадпрымальніц “Бізнэс- курс для жанчын-кіраўнічак” адбудзецца 19-20 траўня 2004 году.
А 21-22 траўня ЖНДР плянуе правесьці форум прадпрымальніц, у якім возьмуць удзел каля 80 дзелавых жанчын. Затым прадпрымальніц чакае тыднёвая стажыроўка ў Нямеччыне.
Напрыканцы верасьня 2004 году жанчыны зьбяруцца разам на апошнім сэмінары “Follow up”, каб падвесьці вынікі сваёй працы.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэл.: (017) 272 20 98, (029) 6210710.
Зьміцер Кузьміцкі
STOP расізм!
18-23 траўня 2004 году ў Табары (Чэхія) адбудзецца канфэрэнцыя ў межах праграмы арганізацыі EYFA "Маладзёвыя выданьні супраць расізму, ксэнафобіі і расавай дыскрымінацыі ў краінах СНД".
Мэта мерапрыемства – абмен досьведам і разьвіцьцё салідарнасьці па праблеме расізму і СМІ на Ўсходзе й Захадзе, а таксама пашырэньне сеткі альтэрнатыўных мэдыя-рэсурсаў. Працоўныя мовы – ангельская, расейская, чэская.
Да ўдзелу ў канфэрэнцыі запрашаюцца прадстаўнікі маладзёвых СМІ, а таксама ахвотнікі, якія займаюцца пытаньнямі антырасізму і антыдыскрымінацыі.
Заяўкі прымаюцца да 1 красавіка 2004 году.
Дадатковую інфармацыю можна знайсьці на пляцоўцы:
http://www.eyfa.org/Tabor-May.htm
Падрыхтаваў Валера Руселік
Праграма Public Interest Law Fellow
Арганізацыі Public Interest Law Initiative і Open Society Justice Initiative абвяшчаюць праграму стыпэндыяў Public Interest Law Fellow у галіне грамадзкага заканадаўства і правоў чалавека.
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца НГА з краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і краін былога СССР.
Deadline: 1 красавіка 2004 году.
Дэталёвая інфармацыя: http://www.pili.org/aboutpili/fellowship.html.
паводле інфармацыйнай рассылкі GOMEL HART NEWS
Прапанова для моладзі
YouthAction.Net (International Youth Foundation і Nokia) абвясьціла спабор сацыяльных праектаў.
Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца лідары маладзёвых ініцыятываў у веку 18-24 гадоў. Дзейнасьць праекту мусіць быць накіраваная на дасягненьне пазытыўных зьмен у мясцовых супольнасьцях праз сваю арганізацыю і на прыцягненьне незаангажаванай моладзі.
Памер грантаў можа сягаць да US$500.
Заяўкі, падрыхтаваныя ў ангельскай мове, прымаюцца да 18 красавіка 2004 году.Вынікі спабору будуць вядомыя да 15 чэрвеня 2004 году.
Дадатковую інфармацыю і аплікацыйную форму можна знайсьці на пляцоўцы:
http://www.youthactionnet.org/minigrants.php
e-mail: info@youthactionnet.org.
Падрыхтаваў Валера Руселік
***
Мае быць…
Напяпэдадні тысячагодзьдзя
Кнігі “Энцыкляпэдычны даведнік Ваўкавыскіх гістарычных мясьцін” і “Магдэбурскаму праву ў Ваўкавыску – 500 год” плянуе выдаць сёлета за вясну ГА “Ваўкавыскае аддзяленьне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Апроч сябраў арганізацыі матэрыялы для кнігаў зьбіралі шматлікія гісторыкі і грамадзкія дзеячы Ваўкавышчыны. Меркаваны наклад складзе каля 1000 асобнікаў.
Як паведаміў сябра “скарынаўцаў” Мікалай Кавальчук адмыслова для “Кронікі”, Ваўкавыск мае багатую й вартую пільнай ўвагі гісторыю. А калі ўлічыць, што ў наступным годзе “Места ваўкоў” будзе сьвяткаваць сваё тысячагодзьдзе, кнігі набываюць сымбалічны сэнс.
Зьміцер Кузьміцкі
***
Падзеі
Булгак вяртаецца ў Беларусь
Дырэктарка Наваградзкага краязнаўчага музэю Тамара Вяршыцкая дамовілася з айчыным выдавецтвам “Беларусь” пра выданьне кнігі перакладаў мэмуараў знакамітага фатографа Яна Булгака.
Плянуецца, што беларускі варыянт рукапісаў фатографа пабачыць сьвет сёлета ў другой палове году. Як мяркуе дырэктарка музэю, наклад кнігі прыблізна складзе 3000 асобнікаў.
Над перакладам з польскай у беларускую мову спн. Вяршыцкая – гісторык і актыўная грамадзкая дзяячка – працавала больш за восем месяцаў. Яшчэ прыкладна столькісама яна шукала выдавецтва, якое ўзялося бы за кнігу.
Як адзначыла адмыслова для “Кронікі” перакладчыца, ідэя “беларусізацыі” творчасьці вядомага земляка існавала даўно. Таму, калі ўнук Яна Булгака Богдан Булгак перадаў рукапісы свайго дзеда дырэктарцы музэю, пагадзіўшыся на пераклад, спн. Вяршыцкая адразу пачала працаваць над мемуарамі.
Цікава, што яшчэ адзін ураджэнец Наваградку, які жыве сёньня пад Варшавай, выдаў аналягічную кнігу – у польскай мове. Таксама ён ня толькі пасьпеў пераўтварыць збор рукапісаў Яна Булгака ў строгія друкаваныя літары, але і пабыць у Варшаве і Беластоку з прэзэнтацыямі мэмуараў фатографа.
Зьміцер Кузьміцкі
Юбілей зноў адклалі
Гэтак і не дачакаўся ў мінулую суботу (28.02.2004 г.) урачыстых віншаваньняў і зычэньняў з нагоды стогадовага юбілею гарадзенскі Дом культуры (што па вуліцы Дзяржынскага).
Не дачакаўся, бо на заплянаванае мерапрыемства ў тутэйшага гарвыканкаме не знайшлося грошай. Таму імпрэзу давялося адкласьці на няпэўны тэрмін.
Цікава, што гэта ўжо ня першая спроба “сьвяткаваньня” юбілею ДК. Спачатку ўрачыстае мерапрыемства было заплянаванае аддзелам культуры Гарадзенскага гарвыканкаму й непасрэдна мастацкім калектывам ДК на 2 студзеня гэтага году. Але “заплянаванае” зусім не азначае “выкананае”: з-за недахопу грошай урачыстасьці перанесьлі на 28 лютага.
Не атрымалася і зараз. Як адзначыла адмыслова для “Кронікі” галоўная спэцыялістка аддзелу культуры гарвыканкаму Тацяна Круціна, гэтым разам сьвяткаваньне юбілею ДК адкладзенае ўжо на няпэўны тэрмін. Спн. Круціна мяркуе, што, магчыма, мерапрыемства будзе праведзенае ў межах сёлетняга Фэстывалю нацыянальных культур альбо пазьней – на грошы, якія застануцца ад фэсту.
Мастацкі калектыў ДК успрыняў навіну пра адмену сьвяткаваньняў з разуменьнем: сёньня больш актуальныя цяжкасьці з выплатай іхнага заробку, а таму людзям зараз не да сьвятаў.
Гарадзенскі ДК шмат гадоў зьяўляецца адмысловым мясцовым культурным і грамадзкім цэнтрам. Тут ладзяцца бясконцыя сустрэчы сябраў ГА “Паходня” і проста цікаўных гарадзенцаў зь вядомымі пісьменьнікамі, гісторыкамі і грамадзкімі дзеячамі, праходзяць шматлікія вечарыны.
Як адзначае для “Кронікі” старшыня “Паходні” Мікола Таранда, апошнім часам ускладнілася працэдура арганізацыі грамадзкіх мерапрыемстваў у сьценах установы. Зараз, каб правесьці нейкую імпрэзу ці вечарыну, трэба сьпярша ўзгадніць гэта з гарвыканкамам і атрымаць дазвол. Да юбілею ДК сп. Таранда ставіцца скептычна і сумна жартуе: маўляў, калі ўстанове споўніцца 110 гадоў, грошы на святькаваньне можа і знойдуцца.
Зьміцер Кузьміцкі
“Нёман-Інфарм”
навіны з эўрарэгіёну “Нёман”
Рыхтуецца новы Каталёг
Грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня) абвяшчае спабор анкет-заявак для ўдзелу ў Каталёгу праектаў/праграм НГА эўрарэгіёну “Нёман” па працы з моладзьдзю.
Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца грамадзкія аб’яднаньні Гарадзенскай вобласьці, якія маюць досьвед рэалізацыі праграм ці праектаў, накіраваных на моладзь.
Апошні тэрмін прыёму анкет – 15 сакавіка 2004 году. Запоўненыя анкеты-заяўкі трэба дасылаць на наступны адрас:
вул. Будзёнага, 48а-11
230004 Гародня
тэл./факс: (0152) 96-74-78
e-mail: trecisektar@yahoo.com.
Пажадана да анкеты-заяўкі прыкласьці дакумэнты і ілюстрацыі, якія больш поўна раскрываюць сутнасьць заяўленага праекту/праграмы.
Каталёг праектаў/праграм НГА эўрарэгіёну “Нёман” па працы з моладзьдзю зьяўляецца працягам праекту “Эўрарэгіён “Нёман – тое, што нас аб’ядноўвае”, які рэалізуецца грамадзкім аб’яднаньнем “Цэнтр “Трэці сектар” пры падтрымцы Эўрапейскага Фонду культуры.
У межах праекту 8-13 жніўня 2003 году ў г. Піянэрскі (Калінінградзкая вобласьць, РФ) быў праведзены І міжнародны маладзёвы летнік НГА эўрарэгіёну “Нёман” “ПоЛіБелКа”, удзел у якім узялі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў Бедарусі, Летувы, Польшчы й Расеі. Арганізатарамі летніку былі выступілі ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь), Віленскі зьвяз маладзёвых арганізацыяў “Круглы стол” (Вільня, Летува) і Калінінградзкая рэгіянальная маладзёвая грамадзкая арганізацыя “ЦУНАМІ” (Піянэрскі,
Калінінградзкая вобласьць РФ).
Дадатковую інфармацыю і анкету можна атрымаць, зьвярнуўшыся па тэл.: (0152) 96-74-78 (Валеры Руселік).
У далучаным файле – анкета-заява для ўдзелу ў спаборы.
Турысты паплывуць
На сёлета заплянаванае стварэньне двох новых памежных пераходаў паміж Беларусяй і Польшай.
Адзін зь іх зьявіцца на Аўгустоўскім канале, другі – у Белавескай Пушчы. Абодва пераходы будуць мець турыстычны характар, а перасячэньне мяжы будзе мажлівае толькі ўдзень.
Пра гэта паведамляе www.bialorus.pl.
Падрыхтаваў Валера Руселік
Жыхары Калінінграду хочуць хлебу і жанчын…
Улетку 2004 году на адной з вуліц абласнога цэнтру зьявіцца копія знакамітай “Хлебнай жанчыны”.
На адну прадстаўніцу цудоўнай паловы чалавецтва – няхай сабе і з хлебу – у Калінінградзе будзе больш, дзякуючы агульнаэўрапейскаму праекту “Моры”. Яе знакамітая папярэдніца была створаная швэдзкімі мастакамі і прэзэнтаваная ў Вэнэцыі. Галубам і турыстам спатрэбілася ажно два тыдні, каб зьнішчыць скульптуру, а дакладей яе… зьесьці.
Праект “Моры” распачаўся паўтары гады таму. Яго агульныя тэмы – мора, порт і месца чалавека ў портавым месьце. Мастакі розных краін Эўропы – ад Швэцыі да Югаславіі – супольна працавалі ў портавых местах. Дзякуючы праекту, дарэчы, ужо створаны фотаальбом “Захоплены Калінінград” Мікаэля Лундбэрга.
Пра гэта паведамляе http://kaliningrad.rfn.ru.
Падрыхтаваў Валера Руселік
…і ня хочуць мячэту
Напярэдадні Дня абаронцы ў Калінінградзе зьявіліся ўлёткі, у якіх выказваўся пратэст супраць будаўніцтва мячэту ў месьце.
Мясцовыя мусульмане, аднак, маюць цьвёрды намер займець уласны храм. Балазе ўжо дасягнутая дамова з калінінградзкімі ўладамі аб месцы будаўніцтва мячэту, а ўсе пытаньні з узгадненьнем дакумэнтаў разьвязаныя.
Пра гэта паведамляе http://kaliningrad.rfn.ru.
Падрыхтаваў Валера Руселік
Над выпускам працавалі Зьміцер Кузьміцкі й Валера Руселік.