Отправляет email-рассылки с помощью сервиса Sendsay
  Все выпуски  

Хроника общественной жизни Гродненщины


Информационный Канал Subscribe.Ru

Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар” а/с 54, Гародня, 230009, тэл./факс (0-152) 96-74-78, e-mail: sektar@iname.com www: sektar.cjb.net 17.12.2004 г. “Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны” зьяўляецца дадаткам да часапісу “Трэці сэктар”. Дадатак дасылаецца па сьпісах рассылкі інфармацыі для НГА Беларусі. У “Кроніцы” выкарыстоўваецца інфармацыя ўласных карэспандэнтаў “ТС”, а таксама інфармацыя з гарадзенскіх СМІ і іншых даступных нам крыніц інфармацыі. Пры выкарыстаньні нашай інфармацыі спасылка на “Кроніку” і яе карэспандэнтаў абавязковая. Калі Вы ня маеце ахвоты атрымліваць надалей “Кроніку” – напішэце нам на адрас: sektar@iname.com *** Абвесткі А ты атрымліваеш “Трэці сэктар”? Выйшаў у сьвет чарговы нумар часапіса “Трэці сэктар” (№ 6 (36)). Тэма нумару – “Разьвіцьцё мясцовых супольнасьцяў”. Калі вы дагэтуль не атрымлівалі нашае выданьне, але маеце гэткую ахвоту – калі ласка, тэрмінова дашлеце свае паштовыя адрасы на электронны адрас грамадзкага аб'яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар”: trecisektar@yahoo.com (не забудзьцеся пазначыць у лісьце сваё імя і прозьвішча, а таксама назву сваёй арганізацыі ці ініцыятывы, калі гэткая ёсьць). Да сустрэчы на старонках “Трэцяга сэктару”! Спабор ад Усясьветнага Банку Усясьветны Банк запрашае грамадзкія арганізацыі Беларусі ўзяць удзел у спаборы Праграмы малых грантаў-2005. Фокус Праграмы малых грантаў-2005 – разьвязаньне праблем, зьвязаных з доўгатэрміновымі наступствамі аварыі на ЧАЭС. Праграма малых грантаў падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на разьвіцьцё шырокага дыялёгу і прыцягненьне ўсіх зацікаўленых бакоў да разьвязаньня мясцовых пытаньняў разьвіцьця. Памер грантаў Праграмы малых грантаў складае ад $3000 да $7000. Праграма не фінансуе ўвесь каштарыс праекту: прадугледжваецца ўнёсак арганізацыі і яе партнэраў. Перавага аддаецца рэгіянальным праектам, асноўная дзейнасьць якіх ажыцьцяўляецца ў невялікіх населеных пунктах. Да ўдзелу ў спаборы прымаюцца заяўкі, якія адпавядаюць наступным крытэрам: - удзельнікі: зарэгістраваныя грамадзкія арганізацыі Беларусі, якія маюць разьліковы рахунак ў беларускім банку; - партнэрства: супрацоўніцтва зь іншымі арганізацыямі, якія робяць унёсак у рэалізацыю праекту ў грашовай ці неграшовай форме (прадстаўленьне памяшканьня, абсталяваньня і г.д.); - падтрымка мясцовых ворганаў мясцовай улады. Да заяўкі неабходна прыкласьці адпаведны ліст падтрымкі. Тэрмін рэалізацыі праектаў – сем месяцаў, пачынаючы зь 1 траўня 2005 году. Тэматыка праектаў: мясцовыя ініцыятывы ў рэгіёнах, пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Праграма не фінансуе: - дасьледніцкія праграмы; - адукацыйныя праграмы (навучаньне ў ВНУ Беларусі і за яе межамі), замежныя паездкі; - бягучыя адміністрацыйныя выдаткі арганізацыяў; - набыцьцё абсталяваньня (выдаткі на аргтэхніку дапушчальныя ў памеры 15% ад сумы праекту); - будаўніча-рамонтныя работы. Для ўдзелу ў спаборы Праграмы малых грантаў трэба запоўніць кароткую форму заяўкі й накіраваць яе ў прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі ў беларускай, расейскай альбо ангельскай мовах (3 копіі заяўкі ў друкаваным выглядзе). Заяўкі прымаюцца да 18.00 20 студзеня 2005 году. Каардынатарка Праграмы – Ірына Алейнік (e-mail: binfo@worldbank.org). Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у Прадстаўніцтве Ўсясьветнага банку ў Беларусі: вул. Герцэна, 2А 220030 Менск тэл.: (017) 226-52-84 факс: (017) 211-03-14 www.worldbank.org.by. Спабор для добрых суседзяў Амбасада Польшчы ў Беларусі абвяшчае V спабор для журналістаў “Польшча – прыязная суседка Беларусі”. Да ўдзелу ў спаборы прымаюцца публікацыі, а таксама радыё- і тэлематэрыялы за 2004 год на наступныя тэмы: - сучасная Польшча; - агульная гістарычная спадчына Беларусі й Польшчы; - значэньне сяброўства Польшчы ў Эўрапейскім Зьвязе для інтэграцыі Беларусі з Эўрапай; - польскія ворганы самакіраваньня як падмурак рэгіянальнага дэмакратычнага разьвіцьця; - роля свабодных СМІ і няўрадавых арганізацыяў у Польшчы; - польска-беларускае эканамічнае супрацоўніцтва. Прэмія за I месца складае $250, за другое – $200, за трэцяе – $150. Акрамя таго, будуць уручаныя пяць прэміяў па $100 і дзесяць прэміяў па $50. Апошні тэрмін падачы заявак – 20 сьнежня 2004 г. Матэрыялы з пазнакай “Конкурс” трэба выслаць на адрас: вул. Румянцава, 6 220034, Менск паводле “МедиаЭксперт” Жыцьцё працягваецца Зборнік вершаў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў мае пабачыць сьвет у хуткім часе. Меркаваны фармат – А5, аб’ём – 300 старонак. Пасьля выданьня будуць адбывацца прэзэнтацыі з запрашэньнем і дастаўкай на прэзэнтацыю аўтараў. З ініцыятывай выданьня зборніка выступілі Наваградзкае рэгіянальнае аддзяленьне МГА “Задзіночаньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, Наваградзкае раённае аддзяленьне ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” і Дабрачынная фундацыя дапамогі дзецям “Міласэрнасьць” зь Берасьця. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць, зьвярнуўшыся па наступных кантактах: тэл.: (01597) 3-22-43 (Алесь Царук) е-mail: dialog2004@mail15.com, shureek2000@mail.ru. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК Цэнтральна-Эўрапейскі Ўнівэрсытэт прапануе Праграма Цэнтральна-Эўрапейскага Ўнівэрсытэту дае магчымасьць атрыманьня пасьлядыплёмнай адукацыі і правядзеньня дасьледаваньняў з атрыманьнем ступені магістра альбо доктара навук у галіне сацыяльных ці гуманітарных навук па розных кірунках. Тэрмін навучаньня – ад 10 месяцаў да 6 гадоў (у залежнасьці ад абранай ступені). Праграма фінансуецца Цэнтральна-Эўрапейскім Унівэрсытэтам. Дадатковую інфармацыю аб праграме можна атрымаць на вэб-пляцоўцы Цэнтральна-Эўрапейскага Ўнівэрсытэту: www.ceu.hu. Форму заявы можна запоўніць толькі ў он-ляйне па адрасе: https://online.ceu.hu. Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК Праграма “Сацыяльная дапамога сем’ям і дзецям” Дзярждэпартамэнт ЗША і Амбасада ЗША ў Рэспубліцы Беларусь абвяшчаюць спабор на ўдзел у прафэсійнай стажыроўцы па праграме “Community Connections Youth and Family Issues”. Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца: ∙ кіраўнікі дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў, якія займаюцца прадстаўленьнем сацыяльнай дапамогі сем’ям і дзецям у Рэспубліцы Беларусь; ∙ прадстаўнікі дзяржаўных устноваў, адказныя за распрацоўку і ўкараненьне праграм па разьвіцьцю маладзёвых ініцыятываў і аховы здароўя; ∙ спэцыялісты сфэры аховы здароўя, якія актыўна займаюцца пытаньнямі здароўя дзяцей і моладзі (прапаганда здаровага ладу жыцьця, асьвета па пытаньнях алькагольнай, тытунёвай і наркатычнай залежнасьці і г.д.); ∙ настаўнікі сярэдніх школ, адказныя за арганізацыю пазашкольнай працы, а таксама работнікі школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў і спэцыялісты па працы зь непаўнагадовымі правапарушальнікамі; ∙ сацыяльныя пэдагогі, псыхолягі і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў для моладзі й сям’і. Пераможцы спабору атрымаюць магчымасьць на працягу 4-х тыдняў прайсьці стажыроўку ў ЗША. Падчас стажыроўкі фіналісты змогуць пазнаёміцца з працай сацыяльных цэнтраў, маладзёвых арганізацыяў, сустрэцца з спэцыялістамі, якія займаюцца праблемамі дзяцей, моладзі й сем’яў; узяць удзел у сэмінарах (тэмы сэмінараў: удзел маладых людзей у жыцьці свайго раёну, прапаганда здаровага ладу жыцьця, фармаваньне каштоўнасьцяў у моладзі, разьвіцьцё маладзёвых праграм). Валоданьне ангельскай мовай не патрабуецца. Выдаткі, зьвязаныя з праходжаньнем стажыроўкі, бяруць на сябе арганізатары. Праграма забясьпечвае аплату праезду да месца стажыроўкі й назад, пражываньне ў амэрыканскіх сем’ях, паслугі перакладніка, выдаткі на набыцьцё спэцыялізаванай літаратуры, стыпэндыю на штодзённыя выдаткі і частковую мэдычную страхоўку. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у Ірыны Хвашчэўскай: Senior IEPA Community Connections Program Public Affairs Section US Embassy тэл.: (017) 217-04-81, (0296) 41-64-11. e-mail: khvashchevskayaIG@state.gov. Лана РУДНІК Адукацыйныя праграмы Акадэмія міжнароднай адукацыі і дасьледаваньняў і Культурна-інфармацыйная ўстанова “Міжнародны дыялёг” абвяшчаюць адкрыты спабор на ўдзел у акадэмічных праграмах Дзярждэпартамэнта ЗША: Эўразійская праграма студэнцкага абмену – навучаньне на працягу аднаго акадэмічнага году ўва ўнівэрсытэтах і каледжах ЗША. Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца студэнты 1-3 курсаў ВНУ дзённай формы навучаньня ў веку да 21 году, актыўныя, мэтанакіраваныя. Абавязковая ўмова – валоданьне ангельскай мовай. Праграма стыпэндыяў Эдмунда Маскі – атрыманьне ступені магістра ўва ўнівэрсытэтах ЗША, тэрмін навучаньня – 1-2 гады. Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца спэцыялісты з вышэйшай адукацыяй, якія валодаюць акадэмічным і лідэрскім патэнцыялам, а таксама ангельскай мовай. За дадатковай інфармацыяй зьвяртацца: “Міжнародны дыялёг” вул. Сурганава, 28А-104 Менск тэл.: (017) 285-71-72, (029) 756-46-98 е-mail: info@internationaldialogue.org www.internationaldialogue.by. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК Задзіночвае… адсутнасьць грошай! 21-23 красавіка 2005 году ў Санкт-Пецярбурзе (Расея) мае адбыцца Міжнародны Кангрэс лідараў некамэрцыйных арганізацыяў. У Кангрэсе возьмуць удзел лідары некамэрцыйных арганізацыяў з усяе прасторы былога СССР, а таксама прадстаўнікі СМІ і палітычных партыяў, заканадаўцы й міжнародныя экспэрты. Мэта мерапрыемства – разьвязаньне праблем некамэрцыйнага сэктару, які знаходзіцца ў крызыснай сытуацыі сур'ёзных фінансавых рэсурсаў у большасьці падобных арганізацыяў. Ахвотнікі да ўдзелу ў Кангрэсе мусяць даслаць запоўненую заяўку на электронны адрас Кангрэсу лідараў некамэрцыйных арганізацыяў: gm@ctsl.org. Атрымаць узор заяўкі, а таксама ўсю дадатковую інфармацыю можна праз наступныя кантакты: Некоммерческое Партнерство "Конгресс Лидеров Некоммерческих Организаций" Невский пр-т, 11-2 191186 Санкт-Петербург Россия тэл.: (812) 325-22-71 факс: (812) 315-30-01 е-mail: gm@ctsl.org http://www.ctsl.org. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК Спабор ад Эўрапейскага культурнага фонду Мэта – разьвіцьцё міжкультурнага супрацоўніцтва і абмену паміж краінамі-сяброўкамі Эўразьвязу і краінамі-суседкамі ЭЗ. Фундацыя разглядае заяўкі, якія падтрымліваюць разьвіцьцё ініцыятываў і адпавядаюць аднаму з наступных відаў паездак: - дасьледчыя паездкі (дасьледаваньне асобных галін культурнага сэктару); - паездкі ў межах супрацоўніцтва (падрыхтоўчы візыт па запрашэньні культурнага НГА); - арганізацыя сетак (першае наведваньне сустрэчы культурнай сеткі). Паездкі магчымыя ў наступныя краіны: 1) краіны-сяброўкі ЭЗ (Аўстрыя, Бэльгія, Данія, Фінляндыя, Францыя, Нямеччына, Грэцыя, Ірляндыя, Італія, Люксэмбург, Нідэрлянды, Партугалія, Гішпанія, Швэцыя, Вялікая Брытанія, Кіпар, Чэхія, Эстонія, Вугоршчына, Латвія, Летува, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія); 2) краіны, якія не зьбаюцца або пакуль што не ўвайшлі ў ЭЗ (Альбанія, Босьнія і Герцэгавіна, Беларусь, Балгарыя, Харватыя, Косава, Македонія, Малдова, Румынія, Расея, Сэрбія і Чарнагорыя, Украіна). Гранты прадстаўляюцца асобам ці групе асобаў, якія зьдзяйсьняюць паездкі ў інтарэсах арганізацыі; дзейнасьць апошняй павінна быць скіраваная на дасягненьне акрэсьленай мэты. Заяўку на ўдзел могуць падаць спэцыялісты й дасьледнікі ў галіне мастацтва, апэратары культурных праектаў, журналісты, якія асьвятляюць тэму культуры, перакладнікі тэкстаў па культурнай тэматыцы. Кампэнсуюцца выдаткі на праезд, атрыманьне візы і, у асобных выпадках, на пражываньне атрымальнікаў гранту. Не кампэнсуюцца выдаткі, зьвязаныя з удзелам у фэстывалях, канфэрэнцыях ці трэнінгах, дэманстрацыямі мастацкіх прац і твораў, студэнцкімі ці ўнівэрсытэцкімі абменамі, паездкамі дзяржаўных службоўцаў. Грошы вяртаюцца толькі пасьля завяршэньня візыту і прадстаўленьня справаздачы аб выніках візыту і арыгіналу квіткоў. Усталяванай даты для паданьня заявак няма. Аднак, запоўненая заяўка павінна быць адпраўленая не пазьней за 8 тыдняў да паездкі. Да заявак, запоўненых у ангельскай мове, трэба прыкласьці біяграфію і ўсялякую іншую інфармацыю, датычную праекту, а таксама пры наяўнасьці ліст-запрашэньне ад культурнага НГА. Дадатковая інфармацыя аб правілах паданьня заявак, а таксама прыклады магчымых паездак знаходзяцца на сайце Эўрапейскага культурнага фонду: www.eurocult.org. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК *** Мае быць… УСЁ Ў НАС БУДЗЕ ДОБРА! *** Падзеі У гасьцёх у суседзяў Прадстаўнікі адзінаццаці грамадзкіх арганізацыяў зь Беларусі бралі ўдзел у навучальным візыце ў Польшчу, арганізаваным грамадзкімі аб’яднаньнямі “Цэнтр “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь) і “ОПУС” (Лодзь, Польшча). Мэтай візыту, які адбываўся з 6 да 9 сьнежня, было знаёмства актывістаў беларускіх арганізацыяў з польскім досьведам працы па разьвіцьці мясцовых супольнасьцяў. Таму ў склад групы ўваходзілі, у асноўным, прадстаўнікі з тых беларускіх местаў, дзе ўжо былі зробленыя першыя крокі па наладжваньні працы зь мясцовай супольнасьцю (Асіповічы, Баранавічы, Магілёў, Менск, Смаргоні, Сьветлагорск). У першы дзень знаходжаньня ў Польшчы адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў Лодзі, якія ў сваёй працы выкарыстоўваюць мэтад Цэнтраў мясцовай актыўнасьці: гарадзкімі цэнтрамі сацыяльнай дапамогі “Лодзь-Балуты” і “Лодзь-Відзэў”, сябрамі кааліцыі Цэнтраў мясцовай актыўнасьці ў мікрараёне “Лодзь-Відзэў”, фондам “Роўныя шанцы”, Польскім зьвязам глухіх. Усе гэтыя арганізацыя ў сваёй працы абапіраюцца найперш на патрэбы насельніцтва, стымулююць удзел грамадзянаў у разьвязаньні найбольш вострых мясцовых праблем. Аднымі з найбольш папулярных формаў працы, зь якімі давялося пазнаёміцца ў гэты дзень, былі стварэньне групаў самадапамогі (для маці-адзіночак, для бацькоў, якія гадуюць дзяцей з асаблівасьцямі ў разьвіцьці) і сьвятліц для дзяцей зь няпоўных і “цяжкіх” сем’яў, арганізацыя гурткоў і клюбаў па інтарэсах для моладзі і дарослых. Пры гэтым актыўна выкарыстоўваецца праца добраахвотнікаў зь ліку мясцовага насельніцтва, шкаляроў і студэнтаў. У другі дзень з 800-тысячнай Лодзі беларуская група пераехала ў 9-тысячнае мястэчка Верушоў. Сустрэчы тут пачаліся з прыёму ў бурмістра, якая распавяла пра розныя віды дапамогі з боку гарадзкіх ўладаў для мясцовых арганізацыяў. Сярод гэткіх, традыцыйных ужо для Польшчы, відаў падтрымкі, як бясплатная перадача грамадзкім аб’яднаньням памяшканьняў для працы і спабораў праектаў для НГА, фінансаваных уладамі, у Верушове давялося пачуць і штосьці прынцыпова новае. Гэтак, тамтэйшыя ўлады зарэзэрвавалі на 2005 год у сваім бюджэце суму на дафінансаваньне праектаў мясцовых НГА ў выпадку, калі дафінансаваньне будзе адной з умовай атрыманьня гэтымі арганізацыямі грантаў ад польскіх і замежных донараў. На думку бурмістра мястэчка, гэта дазволіць прыцягнуць у мясцовасьць дадатковыя замежныя інвэстыцыі. У Верушове адбыліся й сустрэчы з супрацоўнікамі гарадзкога цэнтру сацыяльнай дапамогі, якія таксама працуюць паводле мэтаду Цэнтра мясцовай актыўнасьці. Зь іх ініцыятывы ў месьце было праведзенае дасьледаваньне па выяўленьні найбольш вострых праблем, якія хвалююць насельніцтва. Наступным крокам сталася стварэньне дзьвюх кааліцыяў, якія сёньня займаюцца разьвязаньнем найбольш вострых праблем (на думку мясцовых жыхароў гэта, найперш, недахоп магчымасьцяў для цікавага правядзеньня вольнага часу моладзьдзю і сталымі людзьмі, а таксама дапамога людзям з рознага кшталту залежнасьцямі і праблемамі). Гэтак, пры адным зь мясцовых касьцёлаў была створаная сталоўка для адзінокіх людзей і людзей з залежнасьцямі, а таксама сьвятліца для дзяцей. У адным з гатэляў мястэчка (абраным шляхам адкрытага спабору) створаны часовы прытулак для жанчын, якія церпяць ад гвалту. Другая палова дня была прысьвечаная сустрэчы зь Міжнародным таварыствам “Клюб адкрытых сэрцаў”. Гэта адна з наймацнейшых у Польшчы арганізацыяў, галоўным кірункам дзейнасьці якога зьяўляецца праца на карысьць людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі (праз рэабілітацыю творчасьцю, арганізацыю сьвятаў і выцечак для гэткіх людзей, абарону іх правоў). За апошнія дзесяць гадоў зь нетраў таварыства выйшлі пяць самастойных арганізацыяў. Сярод іх – Бюро грамадзянскіх парадаў, Асацыяцыя агратурыстычных гаспадарак і інш. Увечары ўдзельнікам візыту давялося на ўласныя вочы ўбачыць сапраўдную польскую агратурыстычную гаспадарку пана Рышарда Туза. Вячэра ў таварыстве коней, народныя забавы й цудоўная прырода дадалі багата прыемных уражаньняў усім удзельнікам беларускай групы. Трэці дзень візыту пачаўся з наведваньня аднаго з самых маладых (паводле сярэдняга веку жыхароў) местаў – Белхатаву. Тут адбыліся сустрэчы з намесьнікам мэра і дарадцай мэра па справах няўрадавых арганізацыяў, візыты ў Цэнтар грамадзянскай інфармацыі, мясцовую бібліятэку і дом састарэлых. Усе гэтыя ўстановы акрамя свайго непасрэднага прызначэньня, імкнуцца як мага шырэй працаваць зь мясцовым насельніцтвам праз прадстаўленьне дадатковых паслугаў, прыцягненьне жыхароў да добраахвотніцкай працы. У гэты ж дзень удзельнікі візыту мелі магчымасьць пазнаёміцца з Рэгіянальным цэнтрам добраахвотніцтва ў Лодзі й дзейнасьцю Цэнтру разьвіцьця і прасоўваньня грамадзкіх ініцыятываў “ОПУС”. Апошні дзень візыту пачаўся з сустрэчы ў Цэнтры мясцовай актыўнасьці (Варшава), які зьяўляецца ініцыятарам пашырэньня гэтага мэтаду ў Польшчы. Сёньня па ўсёй краіне больш за дзьве сотні цэнтраў сацыяльнай дапамогі, дамоў культуры, грамадзкіх арганізацыяў працуюць паводле мэтаду Цэнтраў сацыяльнай актыўнасьці. Цэнтар у Варшаве займаецца навучаньнем супрацоўнікаў гэтых інстытуцыяў, падтрымкай дзейнасьці цэнтраў мясцовай актыўнасьці па ўсім краі. І ў завяршэньне беларуская дэлегацыя наведала Цэнтар культуры ў варшаўскім мікрараёне “Сурма”. Гэты асяродак таксама працуе як Цэнтар мясцовай актыўнасьці й ладзіць каля двох дзясяткаў розных праектаў (жаночы клюб, клюб філятэлістаў, інтэграцыйнае аб’яднаньне людзей з асаблівасьцямі ў фізычным разьвіцьці, пункт грамадзянскай інфармацыі і інш.) з удзелам насельніцтва. І ўсё гэта пры тым, што ў штаце Цэнтру толькі два супрацоўнікі! Навучальны візыт у Польшчу быў адным з этапаў праекту, які зь верасьня ладзяць разам “Цэнтр “Трэці сектар” і “ОПУС”. У лістападзе ў Гародні ў межах праекту адбылася канфэрэнцыя “Інавацыйныя мэтады працы на карысьць мясцовай супольнасьці”. Апошнім элемэнтам праекту станецца выданьне зборніка матэрыялаў паводле вынікаў канфэрэнцыі. Сумесная дзейнасьць беларускага і польскага партнэраў дзеля разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў на гэтым ня скончыцца: зараз ідзе распрацоўка канцэпцыі новага праекту ў гэтым кірунку. Вітаўт РУДНІК Над выпускам працавалі Алеся Бяленік, Лана Руднік, Вітаўт Руднік і Валера Руселік.

http://subscribe.ru/
http://subscribe.ru/feedback/
Подписан адрес:
Код этой рассылки: country.by.kronika
Отписаться

В избранное