Отправляет email-рассылки с помощью сервиса Sendsay
  Все выпуски  

Хроника общественной жизни Гродненщины


Информационный Канал Subscribe.Ru

Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар” а/с 54, Гародня, 230009, тэл./факс (0-152) 96-74-78, e-mail: sektar@iname.com www: sektar.cjb.net 01.04.2004 г. “Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны” зьяўляецца дадаткам да часапісу “Трэці сэктар”. Дадатак дасылаецца па сьпісах рассылкі інфармацыі для НГА Беларусі. У “Кроніцы” выкарыстоўваецца інфармацыя ўласных карэспандэнтаў “ТС”, а таксама інфармацыя з гарадзенскіх СМІ і іншых даступных нам крыніц інфармацыі. Пры выкарыстаньні нашай інфармацыі спасылка на “Кроніку” і яе карэспандэнтаў абавязковая. Калі Вы ня маеце ахвоты атрымліваць надалей “Кроніку” – напішэце нам на адрас: sektar@iname.com Выдадзена ў межах праекту “Партнэрства праз дыялёг: разьвіцьцё ў мясцовых супольнасьцях грамадзянскага ўдзелу і сацыяльнага партнэрства ў Беларусі” (ГАГА маладых навукоўцаў “ВІТ”; ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар”; арганізацыя “Нямецка-расейскі абмен” (DRA), Бэрлін, Нямеччына). *** Абвесткі Спабор ад “Старога гораду” Абвешчаны спабор на найлепшы лягатып для гарадзенскага грамадзкага клюбу “Стары горад”. Асноўным крытэрам ацэнкі прадстаўленых прац будзе пазнавальнасьць эмблемы. Працы прымаюцца да 10 красавіка 2004 году. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэл.: (0152) 96-74-73. Падрыхтаваў Валера Руселік паводле www.hrodna.by Спабор для годных нашчадкаў Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” абвяшчае міжнародны дзіцячы літаратурна-мастацкі спабор “Нашчадкі змагарнай славы”. Акцыя прысьвечаная 490-годзьдзю бітвы пад Воршай 210-годзьдзю паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Спабор будзе адбывацца ў дзьвюх намінацыях: 1) мастацкія працы (малюнкі); 2) літаратурныя творы. Камісія экспэртаў будзе разглядаць творы, якія адлюстроўваюць падзеі й лёс гістарычных асобаў (адной альбо некалькіх) нашай змагарнай мінуўшчыны і прысьвечаныя барацьбе беларусаў за волю й незалежнасьць Бацькаўшчыны з часоў Рагвалода і Рагнеды да ХХ ст. Да ўдзелу ў спабору запрашаюцца шкаляры ў веку 12-14 гадоў. Усе працы павінны мець прозьвішча і імя ўладальніка, дату народзінаў, зваротны адрас, памагчымасьці кантактныя тэлефоны. Прымаюцца малюнкі памерам А3 (420 х 295) і А2 (420 х 590), а таксама літаратурныя творы (апавяданьні, вершы, укладаньні, нарысы і інш.). Пераможцы спабору атрымаюць каштоўныя падарункі. Працы трэба дасылаць да 20 красавіка 2004 году на адрас: МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” вул. Рэвалюцыйная, 15 220030 Менск. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэл.: (017) 289-31-94. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК “Гендэрны” спабор Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт зь Менску абвясьціў спабор на найлепшы артыкул па гендэрных дасьледаваньнях. Прадстаўляць працы на спабор могуць аўтары, іх калегі, а таксама сябры журы. Ня будуць разглядацца матэрыялы, якія зьмяшчаюць тэзісы канфэрэнцыяў і пераклады. Артыкулы павінны быць напісаныя ў расейскай мове. Пераможцу спабору чакае прэмія ў памеры 100 даляраў ЗША. Таксама ён будзе запрошаны ў ЭГУ для выступу з публічнай ганаровай лекцыяй перад навуковай супольнасьцю сталіцы. Апошні тэрмін падачы матэрыялаў – 25 красавіка 2004 году. Вынікі будуць вядомыя 1 чэрвеня 2004 году. Тэлефон для даведак: (017) 296-67-83. E-mail: gender@ehu.by. Падрыхтаваў Зьміцер КУЗЬМІЦКІ Падтрымліваюць дасьледчыкаў Памежжа Цэнтар пэрспэктыўных навуковых дасьледаваньняў і адукацыі ў вобласьці сацыяльных і гуманітарных навук (CASE) пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце абвясьціў спабор на атрыманьне стыпэндыяў для правядзеньня дасьледаваньняў у межах праграмы “Сацыяльныя трансфармацыі ў Памежжы (Беларусь, Украіна, Малдова)”. Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца: - выкладнікі і дасьледчыкі з ВНУ, якія маюць на момант падачы заяўкі вышэйшую адукацыю; - спашукальнікі, асьпіранты вочнай і завочнай формаў навучаньня; - выкладнікі і дасьледчыкі, якія маюць навуковую ступень кандыдата навук альбо прыраўняную да яе навуковую ступень. Удзельнікі павінны зьяўляцца грамадзянамі Беларусі, Украіны, Малдовы, а таксама валодаць пісьмовай і вуснай расейскай мовай. Пераможцы спабору атрымаюць стыпэндыю ў памеры 150 даляраў ЗША. Дакумэнты трэба даслаць да 30 красавіка 2004 году. Дадатковую інфармацыю і форму заяўкі можна атрымаць праз: тэл.: (029) 6251736 e-mail: case@ehu.by. Падрыхтаваў Зьміцер КУЗЬМІЦКІ Праграма стыпэндыяў імя Кірклянда Абвешчаны пачатак праграмы стыпэндыяў імя Кірклянда, у тым ліку і для грамадзянаў Беларусі, Калінінградчыны й Летувы. Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца настаўнікі, навукоўцы, супрацоўнікі ворганаў самакіраваньня, прадпрымальнікі, лідары НГА, журналісты да 35 гадоў з пералічаных вышэй краін. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у Польска-Амэрыканскай Камісіі Фулбрайта: ul. Nowy Swiat 4 Warszawa, Polska tel.: +4822- 628-79-50 e-mail: fulbright@fulbright.edu.pl www.fulbright.edu.pl. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК TACIS прапануе Спабор грантаў, накіраваных на ўмацаваньне ў памежных вобласьцях супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, местамі й мясцовымі ўладамі, абвешчаны Праграмай TACIS Эўрапейскага Зьвязу. Спабор адбываецца ў межах праекту “Транспамежнае супрацоўніцтва”. У час разгляду перавагу будуць мець праекты, якія маюць наступныя кірункі: - адукацыя й маладзёвая палітыка; - разьвіцьцё рэгіянальнага турызму; - разьвязаньне сацыяльных праблем местаў; - стрымліваньне росту беспрацоўя. Заяўку на ўдзел могуць падаваць ня менш за два асноўныя партнэры. Пры гэтым адзін зь іх павінен прадстаўляць Беларусь, Малдову, Расею ці Ўкраіну, а другі – краіну-сяброўку ЭЗ або Балгарыю, Чэхію, Эстонію, Вугоршчыну, Латвію, Летву, Польшчу, Румынію, Славакію, Славенію. Рэалізацыя праекту – 18-24 месяцаў. Найменшы памер гранту – ад 100 тысяч да 200 тысяч эўра. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК паводле www.hrodna.by Літаратурная прэмія ймя Янкі Юхнаўца Літаратурная прэмія ймя Янкі Юхнаўца заснаваная ў сакавіку 2004 году з мэтаю ўшанаваньня памяці выбітнага пісьменьніка-эмігранта ды спрыяньня разьвіцьцю літаратуры і прысуджаецца ў дзень нараджэньня пісьменьніка – штогод 3 лістапада. Літаратурная Прэмія ймя Янкі Юхнаўца – гэта прызнаньне творчасьці Беларускага майстра слова з боку Беларусаў на чужыне. Ляўрэатам прэміі можа стаць кожны творца ў мэтраполіі ці дыяспары, чые працы, арыгінальны твор або пераклад, у якой кольвечы форме (рукапіс, электронная публікацыя, кніжка, публікацыя ў прэсе, відэа-інсцэнізацыя, аўдыёзапіс) даступныя для азнаямленьня сябрам Прэміяльнага камітэту. Прэміяльны камітэт самастойна абірае творы для азнаямленьня, а таксама бярэ да разгляду прысланыя па пошце насыл: KREČEŬSKI FOUNDATION 166-34 GOTHIC DRIVE, JAMAICA N.Y. 11432 USA ці на электронны адрас: Premija@winterbrood.com. Прэміяльны камітэт ацэньвае працу прэтэндэнта паводле наступных крытэраў: - твор – нацыянальная літаратурная зьява; - твор – моўная зьява; - твор – вольная зьява. У Прэміяльны камітэт уваходзяць прадстаўнікі ад Беларускіх нацыянальных арганізацыяў замежжа, якія зьяўляюцца фінансавымі гарантамі прэміі. Кожная арганізацыя мае права ўзяць удзел у фінансаваньні і прызначыць аднаго свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў склад Прэміяльнага камітэту. Апрача гэтага, права голасу могуць мець і прыватныя асобы, чые складкі ў фінансаваньні прэміі удвая большыя за складкі арганізацыяў. Ляўрэат прэміі таксама мае права на рэдакцыйную і тэхнічную дапамогу з боку Камітэту ў справе выданьня твору. Ход і прысуджэньне Прэміі абвяшчаецца ў газэце «Беларус» і на «Беларускай Палічцы». Сталымі сябрамі Прэміяльнага камітэту зьяўляюцца сябры-заснавальнікі Прэміі, якія пры неабходнасьці могуць мяняць умовы Прэміі: Андранік Антанян, незалежны крытык, Вільня; Андрусь Жвір, «Беларуская Палічка» – www.knihi.com; Марат Клакоцкі, газэта «Беларус» – www.bielarus.org; Сяржук Сокалаў-Воюш, Старшыня Камітэту; Лявон Юрэвіч, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. *** Мае быць… Усё ў нас будзе добра! *** Падзеі Над Нёманам сьпявалі Сёлета Дзень Волі гарадзенцы адзначылі найбольш сьціпла за апошнія гады. 25 сакавіка а 18-й гадзіне да будынка на вуліцы Горкага, 2 прыйшлі каля 50 чалавек, каб ушанаваць памяць аб дзеячах Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта тут, у камяніцы XVIII стагодзьдзя, на думку сябраў мясцовай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” нейкі час месьціўся Ўрад БНР. Удзельнікі акцыі прымацавалі да сухіх галінаў плюшчу, які расьце абапал дзьвярэй будынка, кветкі і бел-чырвона-белы сьцяжок. Затым прасьпявалі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і разышліся. Зьміцер КУЗЬМІЦКІ паводле www.hrodna.by За нямецкім досьведам у Бэрлін 8 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў з Гародні , Ліды й Мастоў бяруць удзел у нямецкай частцы праекту “Партнэрства праз дыялёг”. 26 сакавіка – 3 красавіка беларусы наведваюць нямецкія грамадзкія аб’яднаньні. Мэта візытаў – знаёмства зь дзейнасьцю нямецкіх НГА і формамі супрацы з. Мясцовым бізнэсам і ўладамі. Арганізатаркамі-партнэркамі ў праекце выступаюць арганізацыі “Цэнтр “Трэці сектар” і “Віт” (Гародня), а таксама DRA (“Нямецка-расейскі абмен”) зь Нямеччыны. Валера Руселік “Нёман-Інфарм” навіны з эўрарэгіёну “Нёман” Рыхтуецца новы Каталёг Грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня) абвяшчае спабор анкет-заявак для ўдзелу ў Каталёгу праектаў/праграм НГА эўрарэгіёну “Нёман” па працы з моладзьдзю. Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца грамадзкія аб’яднаньні Гарадзенскай вобласьці, якія маюць досьвед рэалізацыі праграм ці праектаў, накіраваных на моладзь. Апошні тэрмін прыёму анкет – 31 красавіка 2004 году. Запоўненыя анкеты-заяўкі трэба дасылаць на наступны адрас: вул. Будзёнага, 48а-11 230004 Гародня тэл./факс: (0152) 96-74-78 e-mail: trecisektar@yahoo.com. Пажадана да анкеты-заяўкі прыкласьці дакумэнты і ілюстрацыі, якія больш поўна раскрываюць сутнасьць заяўленага праекту/праграмы. Каталёг праектаў/праграм НГА эўрарэгіёну “Нёман” па працы з моладзьдзю зьяўляецца працягам праекту “Эўрарэгіён “Нёман – тое, што нас аб’ядноўвае”, які рэалізуецца грамадзкім аб’яднаньнем “Цэнтр “Трэці сектар” пры падтрымцы Эўрапейскага Фонду культуры. У межах праекту 8-13 жніўня 2003 году ў г. Піянэрскі (Калінінградзкая вобласьць, РФ) быў праведзены І міжнародны маладзёвы летнік НГА эўрарэгіёну “Нёман” “ПоЛіБелКа”, удзел у якім узялі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў Бедарусі, Летувы, Польшчы й Расеі. Арганізатарамі летніку былі выступілі ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь), Віленскі зьвяз маладзёвых арганізацыяў “Круглы стол” (Вільня, Летува) і Калінінградзкая рэгіянальная маладзёвая грамадзкая арганізацыя “ЦУНАМІ” (Піянэрскі, Калінінградзкая вобласьць РФ). Дадатковую інфармацыю і анкету можна атрымаць, зьвярнуўшыся па тэл.: (0152) 96-74-78 (Валеры Руселік). У далучаным файле – анкета-заява для ўдзелу ў спаборы. Зь 1 траўня 2004 году візы ў Польшчу патаньнеюць удвая. 29 сакавіка ў Варшаве адбыліся беларуска-польскія кансультацыі па консульскіх пытаньнях на ўзроўні консульскіх падразьдзяленьняў зьнешнепалітычных ведамстваў. Падчас кансультацыяў былі вызначаныя новыя стаўкі консульскіх збораў за выдачу ўязных візаў. Гэтак, аднаразовая ўязная віза будзе каштаваць 5 эўра (6 даляраў ЗША), шматразовая гадавая віза – 25 эўра (30 даляраў ЗША). Увядзеньне новага тарыфу плянуецца зь 1 траўня 2004 году. Падчас кансультацыяў беларускі бок заявіў пра гатоўнасьць увядзеньня на прынцыпе ўзаемнасьці працэдуры выдачы для асобных катэгорыяў грамадзянаў шматразовых візаў тэрмінам да 5 гадоў, а таксама ўжываньня спрошчанай працэдуры выдачы ўязных візаў для жыхароў беларуска-польскага памежжа. Дадзенае пытаньне будзе вывучанае польскім бокам дадаткова. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК паводле www.hrodna.by Летувісы хочуць у Эўразьвяз Каля 78,8% жыхароў Летувы падтрымліваюць уступленьне краіны ў Эўразьвяз, супраць яго выступаюць 11,6% рэспандэнтаў, ня маюць акрэсьленай пазыцыі 9,6%. Прэс-служба ўраду Летувы цьвердзіць, што ў лютым’2004 “эўрааптымістаў” было больш за 80%. Традыцыйнае штомесячнае апытаньне было праведзенае ў сакавіку Цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі “Вілморус” на замову ўраду краіны. На пытаньні адказалі 1003 жыхары рэспублікі. Летува павінна афіцыйна стаць сяброўкай ЭЗ 1 траўня 2004 году. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва “Росбалт”. Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК Над выпускам працавалі Зьміцер Кузьміцкі й Валера Руселік.

http://subscribe.ru/
E-mail: ask@subscribe.ru
Отписаться
Убрать рекламу


В избранное